Рабочы пратэст у Беларусі (2011-2013 гг.). Частка першая

З другой паловы 90-х слова “пратэст” у Беларусі набыло вузка-палітычнае значэнне: суб’ектам якіх-колечы калектыўных выступленняў сталася ліберальна-дэмакратычная апазіцыя, чые лозунгі насілі выключна антыпрэзідэнцкі, “антырэжымны” (часам – антырасійскі) характар, а пазітыўная іх частка зводзілася да агульнадэмакратычных патрабаванняў свабоды слова, мітынгаў і сходаў, спынення пераследу па палітычных матывах. Рабочыя выступленні пачатка 90-х сыйшлі ў нябыт, а разам з імі — патрабаванні сацыяльных перамен. Такую сітуацыю некаторыя мясцовыя аналітыкі тлумачылі  не толькі рэпрэсіўнымі мерамі беларускага рэжыму, але і “сацыяльным кантрактам” паміж кіраўніцтвам дзяржавы і шырокімі коламі насельніцтва Беларусі: падтрыманне поўнай занятасці, рост заробкаў, ільготныя жыллёвыя крэдыты, стабільная выплата пенсій, адносна-бясплатная медыцына, часткова-бясплатная адукацыя, субсідыі на ЖКГ і грамадскі транспарт, кантроль цэн над базавымі таварамі – усё гэта ў абмен на палітычную лаяльнасць.

Сітуацыя змянілася ў паслявыбарны 2011 год, які пачаўся з валютнага крызісу, пераросшага ў эканамічны, і прадказальна абярнуўся даволі высокім (на фоне ранейшых гадоў) усплескам сацыяльнай незадаволенасці, што праявілася ў адкрытых выступах супрацоўнікаў беларускіх прадпрыемстваў. Так, калі ў 2010 годзе можна адшукаць літаральна некалькі выпадкаў адкрытага супрацьстаяння наймальніка і працоўных (брагінскія камунальшчыкі, УП “Лёс”), то ў 2011 годзе мы знаходзім не меньш за 14 спробаў працоўных выступіць калектыўна супраць кіраўніцтва свайго прадпрыемства (гэта толькі тыя выпадкі, пра якія атрымалася знайсці інфармацыю ў СМІ, на нашую думку, іх магло быць значна больш).

У гэтым тэксце мы прааналізуем агульную карціну выступаў беларускіх працоўных у 2011 годзе. Надалей плануецца правесці аналагічны аналіз сітуацыі за 2012 год, за першую палову 2013 года і падвесці вынікі. Мэтай аналізу з’яўляецца ацэнка наяўнага стану і патэнцыялу пратэстнай актыўнасці рабочых ў Беларусі, вызначэнне магчымасці палітызацыі сацыяльнага пратэсту ва ўмовах сучаснай Беларусі.

Суб’екты, лакалізацыя

Ітак, нам удалося налічыць недзе 14 спробаў адкрытых пратэстаў працоўных цягам 2011 года. Іх геаграфія даволі разнародная: мястэчкі раённага падпарадкавання, райцэнтры, абласныя цэнтры, адзін выпадак у сталіцы.

2011-пратэсты

Большасць выпадкаў адкрытых выступаў найманых рабочых тычацца дзяржаўных вытворчых прадпрыемстваў: будаўнічае упраўленне № 187 Слоніма, Слонімская птушкафабрыка, пярвічка Беларускага незалежнага прафсаюза на Наваполацкім “Нафтане”, будаўнічае прадпрыемства «Жыллёлпраект» Віцебска, Светлагорскі завод зборнага жалезабятона  — СЖБ-11 (бятонозмяшальны вузел, праз тры дні — цэх каркаснага панэльнага домабудаўніцтва), малярны цэх №91 Мінскага трактарнага завода, камунальшчыкі Барысава (УП “Жыллё”), камунальшчыкі Барані, рабочыя Гомельскага вагонарамонтнага завода, кіроўцы кар’ерных самазвалаў «Граніта» (Мікашэвічы). Сярод прыватных прадпрыемстваў: СААТ “Рэчыцапіва” (якое і задало старт выступленням працоўных месцах з траўня 2011 года), віцебскае СТАА “Кухня мастера”, “Спортлато” Брэста (ЗАТ «Спорт-пары»).

Прычыны ўсплескаў незадаволенасці, ход канфлікта

Прычыны выбухаў незадаволенасці амаль паўсюль палягалі ў невысокай аплаце працы альбо затрымцы заробкаў, альбо нявыплаце дадатковых надбавак і прэмій пры і без таго невысокім заробку. Пры гэтым у чатырох выпадках дадаваліся таксама скаргі на складаныя ўмовы самой працы (нястача інструментаў, холад, антысанітарыя і г.д.), а ў двух – на абразлівае стаўленне начальства да рабочых (хамства, самаўпраўства).

тактыка

Збольшага канфлікты ўяўлялі сабой кароткія эпізоды з удзелам структурнай адзінкі прадпрыемства (цэх, аддзел) або  20-30 чалавек з усяго калектыва. Падставовай тактыкай, абранай для дасягнення сваіх мэтаў стаў выхад на працу з адмовай прыступаць да яе разам з высоўваннем патрабаванняў да начальства ў вусным альбо пісьмовым выглядзе – 8 выпадкаў. У трох выпадках скаргі складаліся пісьмова, без прыпынення працы. У некаторых выпадках скаргі напраўляліся не толькі кіраўніцтву прадпрыемства, але і мясцовым уладам, кантралюючым ворганам (пракуратура, дзяржкантроль). Супрацоўнікі наваполацкага “Нафтану”, якія ўваходзяць у пярвічку Беларускага незалежнага прафсаюза падалі афіцыйную заяўку на правядзенне пікету. Фактычна такі метад можна лічыць актам публічнай палітыкі, які выходзіць за рамкі ўнутранай барацьбы за паляпшэнне ўмоў працы ў межах прадпрыемства. Таксама асаблівым выпадкам стаўся масавы (каля 600 чалавек) выхад супрацоўнікаў мікашэвіцкага “Граніту” з афіцыйнага прафсаюзу – ФПБ, і далейшая спроба стварыць на “Граніце” ячэйку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Тактыка выхаду з ФПБ была пазней скарыстана супрацоўнікамі іншых прадпрыемстваў. Яшчэ ў адным выпадку “страйк” скончыўся не пачаўшыся – кіраўніцтва брэсцкага “Спортлато”, даведаўшыся аб рыхтаванай акцыі, выклікала прадавачак на размову, прыгразіўшы звальненнем.

Абсалютная большасць спробаў пратэста пачыналася стыхійна, арганізуючыся самастойна на нізавым узроўні, без удзелу  якіх-колечы арганізацый, у тым ліку без удзелу незалежных прафсаюзаў (выключэнне – заяўка на пікет ад  прадстаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюзу “Нафтана”, зварот маляроў МТЗ да прафсаюза РЭП з просьбай дапамагчы скласці скаргу, а таксама ініцыятыва па зборы подпісаў на Гомельскім вагонабудаўнічым, якая сыходзіла ад мясцовага апазіцыйнага актывіста). Толькі ў адным выпадку незалежныя прафсаюзныя арганізацыі нейкім чынам далучыліся да пратэста, ініцыяванага “знізу” – гэта спецыфічны выпадак “Граніта” (Мікашэвічы), дзе канфлікт цягнецца да сёння.

Амаль усе спробы стыхійнага бунту цягнуліся ад некалькіх гадзінаў да аднаго-двух працоўных дзён (выключэнні – судовыя справы пярвічкі БНП “Нафтана” з гарадской адміністрацый супраць забароны пікета, двухгадовы канфлікт на “Граніце” са спробай стварэння пярвічкі БНП).

Рэзультаты і наступствы для розных бакоў, рэзананс

Добрая частка сацыяльных выступленняў па месцы працы скончылася поўным альбо частковым выкананнем патрабаванняў пратэстуючых , у трох выпадках кіраўніцтва прадпрыемстваў наўпрост не звяртала ўвагі на скаргі ці адмоўна рэагавала на спробы пратэста, у 5 з 14 выпадкаў вынікі пратэста невядомыя.

выники

Што тычыцца негатыўных наступстваў выступленняў такога кшталту, то ў 3-х выпадках мелі месца адмоўныя наступствы для саміх удзельнікаў (выклікі на размовы, некаторыя — з пагрозай звальнення), а ў чатырох — для вышэйшага кіраўніцтва прадпрыемстваў або яго менэджэраў (як правіла гэта былі не папярэджанні, а звальненні).

У большасці выпадкаў у сітуацыю з пратэстамі на прадпрыемствах так ці інакш былі ўцягнутыя ўлады пачынаючы ад рэгіянальнага ўзроўня да вышэйшага. Як правіла, умяшальніцтва мясцовых ўлад прыводзіла да станоўчага для пратэстоўцаў выніка. Калі ж пратэст не выходзіў за межы прадпрыемства або арганізацыі, то начальства рабіла выгляд быццам “нічога не адбылося”.

8 выпадкаў з 14 атрымалі адносна шырокае асвятленне ў недзяржаўных СМІ, прыгадванне ў дзяржаўных СМІ рэдкае, як правіла, дзеля абвяржэння фактаў пратэста (прыклад Віцебскага будаўнічага прадпрыемства – абвяржэнне ў “Рэспубліцы”). Незалежныя СМІ хоць і рэагавалі на такога кшталту падзеі, але хутчэй палявалі на імгненныя “гарачыя” навіны, не заўсёды імкнуліся адсочваць далейшае развіццё сітуацыі і лёсы “бунтаўшчыкоў”, часам проста памыляліся ў ацэнцы сітуацыі (так, вераснёўскі канфлікт на віцебскім будаўнічым прадпрыемстве быў названы “першай ластаўкай” рабочых пратэстаў, хаця на той момант ужо былі вядомыя як мінімум чатыры выпадкі пратэстных выступленняў за год). У гэтым плане самай паслядоўнай з усіх СМІ можна лічыць беларускую службу радыё “Свабода” (асабліва старанна там асвятлялася сітуацыя на “Граніце”).

Што тычыцца рэакцыі з боку недзяржаўных арганізацый (у тым ліку партый і прафсаюзаў), шырокай грамадскасці, то ў 2011 годзе яны амаль не паступалі.

Актывізацыя беларускіх рабочых у 2011 годзе мела выгляд адзінкавых выпадкаў кароткіх “бунтаў”, уяўляла сабой выказванне незадаволенасці,  але не насіла характара арганізаванага пратэсту. Беларускія працоўныя не былі гатовыя да сур’ёзнага супрацьстаяння з кіраўніцтвам прадпрыемстваў (асабліва калі яно магло прывесці да канфлікту з мясцовымі і рэспубліканскімі ўладамі). У сваю чаргу, грамадства не гатова была рэагаваць на такога кшталту падзеі, што і не дзіўна, улічваючы адсутнасць у Беларусі якіх-колечы заўважных сіл з выразнай левай праграмай. Акрамя таго, на той момант улады ў большасці выпадкаў імкнуліся вельмі аператыўна загасіць працоўны канфлікт на карню: калі трэба, то мясцовыя або вышэйшыя органы ўлады ціснулі на кіраўніцтва прадпрыемства, якое імгненна выконвала патрабаванні сваіх найманых супрацоўнікаў. У гэтым плане падзеі 2012 года маюць пэўнае адрозненне.

Працяг будзе.

Tania Czy

TakoFeel - Рукопись. Кино онлайн